ГЕЛІЯЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ,

вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш. планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)